Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Share

Афіцыйная старонка ўстановы "Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва"

Photos from Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва's post 29/05/2026

XXVI «Узвышаўскія чытанні» ў БДАМЛМ
28 мая 2026 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбыліся XXVI “Узвышаўскія чытанні”, штогадовая міждысцыплінарная канферэнцыя, якая арганізуецца з 2000 г. Яна прысвечана вывучэнню літаратурна-творчага абъяднання “Узвышша”, што адыгрывала адметную ролю ў развіцці беларускай культуры ў 1926 – 1931 гг. У гэтым годзе ўдзельнікі канферэнцыі мелі асаблівую нагоду для абмеркаванняў – стогадовы юбілей з дня ўтварэння аб’яднання (26 мая 1926 г.).
“Узвышша” – грамадскае аб’яднанне маладых літаратараў БССР, у склад якога ўваходзілі такія вядомыя пісьменнікі, як Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Уладзімір Дубоўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Адам Бабарэка і інш. Удзельнікі “Узвышша” пазіцыянавалі сябе як новы этап у развіцці беларускай савецкай культуры. Пры аб’яднанні існаваў аднайменны часопіс, наклад якога перавышаў наклады іншых беларускіх літаратурных часопісаў “Полымя” і “Маладняк”. Актыўныя даследаванні “Узвышша” пачаліся толькі з канца 1980-х гг. У маі 2000 г. на базе БДАМЛМ была арганізавана спецыяльная канферэнцыя даследчыкаў, якія прынялі рашэнне зрабіць яе пастаяннай.
Канферэнцыя 28 мая 2026 г. была адкрыта прывітальным словам А.А.Макаранка, дырэктара БДАМЛМ. Яна нагадала аб навуковых традыцыях архіва-музея і пажадала яе ўдзельнікам поспехаў у абмеркаваннях. Пленарныя даклады Г.В.Запартыка, ганаровага архівіста Беларусі, былога дырэктара БДАМЛМ і заснавальніцы канферэнцыі, а таксама М.Ф.Шумейкі, прафесара БДУ, былі прысвечаны гістарычнаму кантэксту дзейнасці “Узвышша”.
У рамках канферэнцыі працавалі дзве секцыі. Першая была прысвечана непасрэдна стогадоваму юбілею. Яе ўдзельнікі разгледзелі пытанні моўнага і філасофска-эстэтычнага ўплыву “Узвышша” на беларускую нацыянальную культуру, уклад у развіццё музыкі і мастацтва. Другая секцыя “Жывая спадчына” сканцэнтравала ўвагу на архіўна-дакументальным складніку даследаванняў, а таксама дзейнасці пісьменнікаў-юбіляраў. Жывую цікавасць выклікаў даклад А.І.Траццяк, вядучага архівіста Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якая прадэманстравала копіі фатаздымкаў, кіна- і фоназапісаў Кандрата Крапівы.
У заключэнні канферэнцыі ўдзельнікі падвялі вынікі і вызначылі далейшыя перспектыўныя тэмы даследавання спадчыны “Узвышша”. У гонар года беларускай жанчыны кожная выступоўца атрымала ў падарунак ружу.

Фота
Загалоўная
1. Прывітальнае слова А.А.Макаранка
2. Пленарны даклад Г.В.Запартыка
3. Пленарны даклад М.Ф.Шумейкі
4. Выступае пісьменніца і перакладчык А.А.Данільчык
5. Я.І.Грыневіч апавядае пра ўнёсак В.Шашалевіча
6. Т.А.Лаўрык, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі адукацыі
7. Выступае А.У.Трафімчык
8. Т.А.Васільева атрымлівае пасля цікавага дакладу ружу
9. А.І.Траццяк і Д.С.Самахвалаў
10. Выступленне А.І.Марозавай
11. Д.М.Дрозд робіць даклад
12. Выступае А.Ч.Хітрун

08/05/2026

“XXVI Узвышаўскія чытанні” пройдуць у БДАМЛМ
28 мая 2026 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбудуцца “XXVI Узвышаўскія чытанні”, штогадовая міждысцыплінарная канферэнцыя, якая арганізуецца БДАМЛМ з 2000 г. Яна атрымала сваю назву ў гонар беларускага літаратурна-творчага аб’яднання “Узвышша”, што дзейнічала ў 1926 – 1931 гг. і адыграла значную ролю ў станаўленні сучаснай беларускай літаратуры, аказала ўплыў на іншыя галіны беларускай нацыянальнай культуры. У гэтым годзе чытанні прымеркаваны 100-годдзю “Узвышша”.
У рамках канферэнцыі запланаваны наступныя праблемы для абмеркаванняў:
• Пошук і захаванне беларускай літаратурнай і мастацкай спадчыны
• Сучасны стан і перспектывы вывучэння “Узвышша”
• Эстэтыка “узвышаўскай” літаратуры
• Часопіс “Узвышша” ў развіцці беларускай выдавецкай традыцыі
• Фонды асабістага паходжання ў вывучэнні гісторыі “Узвышша”
• Праблема вяртання беларускіх архіўна-музейных каштоўнасцей на радзіму
• Дзеячы літаратуры і мастацтва, юбіляры 2026 г.
Калі вы жадаеце прыняць удзел у XXVI Узвышаўскіх чытаннях, звяртайцеся з заяўкай па электроннай пошце: [email protected].
Заяўкі прымаюцца да 22 мая 2026 г.

Мониторинг эффективности выставочной деятельности в архивных учреждениях 28/04/2026

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва прымае ўдзел у навукова-практычным даследаванні, прысвечаным эфектыўнасці выставачнай дзейнасці архіўных устаноў. Яго праводзяць нашы калегі з кафедры крыніцазнаўства БДУ. Атрыманыя дадзеныя будуць выкарыстаны для выпрацоўкі незалежных навуковых рэкамендацый для архіўных устаноў.
Нам, як і нашым калегам з БДУ, вельмі цікава рэакцыя наведвальнікаў на экспазіцыі і віртуальныя выставы архіўных дакументаў, таму заклікаем нашых сяброў і наведвальнікаў патраціць пару хвілін для адказу на некалькі простых, але важных даследчых пытанняў. Усе адказы маюць ананімны характар.
Вялікі дзякуй за ваш водгук.
Прыняць удзел у даследаванні можна, перайшоўшы па спасылцы:

Мониторинг эффективности выставочной деятельности в архивных учреждениях Уважаемые посетители! Мы рады видеть вас на нашей выставке . Чтобы сделать наши экспозиции ещё лучше, пожалуйста, пройдите небольшое анкетирование — это займет все...

09/04/2026

БДАМЛМ на “Дыялогах пра культуру”
8 красавіка 2026 г. дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) Алена Аляксандраўна Макаранка і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Дзмітрый Сяргеевіч Самахвалаў прынялі ўдзел у аўтарскай перадачы “Дыялогі пра культуру” журналіста, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Навума Якаўлевіча Гальпяровіча на канале радыё “Культура”. У перадачы разглядалася тэма ўнёску беларускіх жанчын у развіццё нацыянальнай культуры.
БДАМЛМ з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам дакументаў выдатных дзяячак літаратуры і мастацтва мінулага стагоддзя, у тым ліку Алаізы Пашкевіч (Цёткі), Канстанцыі Буйло, Ларысы Александроўскай, Соф’і Друкер, Зінаіды Бандарынай, Ганны Абуховіч і інш. Аднак, асабістыя фонды жанчын складаюць толькі 8,94% ад агульнай колькасці фондаў архіва-музея, у той час як мужчын – 65,59%. Гэтыя лічбы адлюстроўваюць традыцыйнае стаўленне да занятку інтэлектуальнай працай жанчынамі ў мінулым. БДАМЛМ імкнецца пашыраць уяўленне аб важнасці іх дзейнасці праз азнаямленне з дакументальнай спадчынай.
Н.Я.Гальпяровіч выказаў шчырую зацікаўленасць у вопыце архіва-музея, прапанаваў абмеркаваць разнастайныя формы папулярызацыі культурных дзеячоў праз архіўныя ўстановы. Пасля заканчэння перадачы прадстаўнікі БДАМЛМ правялі перамовы аб магчымасцях фарміравання асабістага фонда Н.Я.Гальпяровіча ў БДАМЛМ.
1. Н.Я.Гальпяровіч, А.А.Макаранка, Д.С.Самахвалаў

06/04/2026

Дэпартамент па архівах і справаводству
Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
ПРЭС-РЭЛІЗ
23 красавіка 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбудзецца мерапрыемства з адкрыццём літаратурна-дакументальнай выставы з фондаў БДАМЛМ “Яго багаты плён…” прысвечаныя 140-годдзю класіка беларускай літаратуры Змітрака Бядулі.
Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік, 1886 – 1941) належыць да кагорты беларускіх пісьменнікаў, якія заклалі падмурак беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. Яскравы талент і мастацкая сіла пісьменніка дазволілі яму зірнуць праз прызму старазапаветных паданняў на звычайнае, будзёнае беларускае жыццё-быццё, і гэты погляд набыў у айчыннай літаратуры адметную філасофскую вышыню, засведчыў незвычайнасць і прыўзнятасць бядулінскага стылю.
Архіў-музей захоўвае вялікую колькасць дакументаў, якія адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць Змітрака Бядулі. У асабістых фондах Ц.Гартнага, П.Мядзёлкі, М.Лынькова, С.Грахоўскага, А.Адамовіча, У.Калесніка, А.Багатырова, А.Каўкі і інш., а таксама ў фондах грамадскіх арганізацый, дзяржаўных устаноў, тэатраў, кінастудый, выдавецтваў і рэдакцый прысутнічаюць самыя разнастайныя дакументы, звязаныя з асабістым і творчым жыццём пісьменніка. Самыя цікавыя і асабліва каштоўныя з іх будуць прадстаўлены на юбілейнай выставе “Яго багаты плён…”
На мерапрыемства запрошаны сын Змітрака Бядулі – Яфім Самуілавіч Плаўнік, а таксама даследчыкі, музеязнаўцы, паэты і пісьменнікі.

Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (чытальная зала БДАМЛМ)
Даведкі па тэлефоне: 242 51 88

Photos from Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва's post 03/04/2026

Прэзентацыя выставы ў БДАМЛМ да 100-годдзя з дня нараджэння мастака Барыса Аракчэева
2 красавіка 2026 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылося адкрыццё мастацка-дакументальнай выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ”, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння мастака-жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева.
Прызнаны майстар рэалістычнага мастацтва, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Аракчэеў выяўляе ў сваіх палотнах манументальнасць вобраза, веліч і сілу чалавека. Ім створаны ўнікальныя серыі карцін, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю і працоўным пасляваенным будням. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеях і мастацкіх галерэях краіны, а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і іншых краін.
На адкрыцці выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ” выступіла загадчыца аддзела архіваў арганізацый і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Марыя Пышынская, якая распавяла аб пачатку стварэння сямейнага фонду Аракчеевых, падкрэсліўшы каштоўнасць перададзеных матэрыялаў і важнасць іх захавання. Генадзь Сівохін, старшы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”, падзяліўся вопытам арганізацыі мастацкай экспазіцыі карцін Барыса Аракчэева, прысвечанай Заслаўю.
Вядучы архівіст аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў Таццяна Анпілогава пазнаёміла прысутных з архіўнымі дакументамі і біяграфічнымі матэрыяламі, якія сведчаць аб творчым шляху мастака. Вобразную частку выставы, якая складаецца з эскізаў, створаных падчас двух паездак Барыса Уладзіміравіча на лячэнне ў Дом мастакоў у Хосце, прадставіла дачка майстра Аксана Аракчэева. Яркія і сакавітыя па колеры, яны моцна адрозніваюцца ад беларускіх пейзажаў. Горы і мора, кіпарысы і магноліі – усё гэта нова, незвычайна для палітры мастака.
Госці юбілейнага мерапрыемства атрымалі магчымасць пабачыць унікальныя творы Барыса Аракчэева, пачуць успаміны яго дачкі, праз архіўныя дакументы пазнаёміцца з творчасцю майстра, які зрабіў вялікі ўклад ў развіцце сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі.
1. Падчас прэзентацыі выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ” у БДАМЛМ
2. М.Пышынская, А.Аракчэева, Т.Анпілогава, В.Біруля
3. Выступленне М.Пышынскай
4. Выступленне Г.Сівохіна
5. Т.Анпілогава прэзентуе выставу “Горнымі дарогамі. Каўказ”

Канстанцыя Буйло - самая рамантычная паэтэса XX стагоддзя 26/03/2026

https://youtu.be/vCy2AC5YQns
На youtube-канале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва з’явіўся ролік, прысвечаны Канстанцыі Буйло – самай рамантычнай беларускай паэтэсе XX стагоддзя. Будзем удзячны за падтрымку падабайкамі.

Канстанцыя Буйло - самая рамантычная паэтэса XX стагоддзя Упершыню яна апублікавалася ў "Нашай ніве", калі ёй было 16 гадоў. Свой самы знакаміты верш "Люблю", пакладзены на музыку Міколам Равенскім, напісала ў 17 га...

Photos from Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва's post 25/03/2026

Сумеснае мерапрыемства БДАМЛМ і СШ №4 г. Мінска, прысвечанае году беларускай жанчыны

24 сакавіка 2026 года ў рамках акцыі «Архівы – школе» ў ДУА «Сярэдняя школа № 4 г.Мінска» адбылося сумеснае мерапрыемства Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) і школы, прысвечанае году беларускай жанчыны.
Урачыстае адкрыццё суправаджалася цёплымі словамі дырэктара архіва-музея Алены Аляксандраўны Макаранка, якая падкрэсліла значэнне захавання памяці пра выдатных беларускіх жанчын і важнасць іх укладу ў нацыянальную культуру.
Галоўнай часткай сустрэчы стала прэзентацыя віртуальнай выставы «Святло жаночай душы», якую прадставіла загадчык аддзела інфармацыі, публікацыі і выкарыстання дакументаў БДАМЛМ Вера Валянцінаўна Біруля. Гэтая экспазіцыя, што складаецца з фотапартрэтаў славутых жанчын Беларусі – Алаізы Пашкевіч, Ларысы Александроўскай, Стэфаніі Станюты, Лідзіі Арабей і шматлікіх іншых, — уяўляе сабой каштоўную частку асабістых фондаў, якія захоўваюцца ў архіве-музеі. Кожны вобраз, захаваны на здымках, адкрывае не толькі знешнюю прыгажосць, але і глыбокі ўнутраны свет, талент і духоўную моц выдатных беларускіх прадстаўніц культуры, мастацтва і літаратуры.
У сваю чаргу настаўнікі і вучні школы падрыхтавалі ўрачысты канцэрт, прысвечаны беларускім жанчынам. На сцэне гучалі музычныя нумары ў выкананні скрыпкі, фартэпіяна і цымбалаў, дэкламаваліся вершы, выконваліся вакальныя кампазіцыі. Творчыя нумары, напоўненыя любоўю і павагай, дапоўнілі атмасферу свята і падкрэслілі значную ролю жанчыны ў беларускай культуры.
Сумеснае мерапрыемства архіва-музея і школы выклікала вялікую цікавасць і было асветлена карэспандэнтамі інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, прэс-цэнтра «Дома прэсы», інфармацыйна-аналітычнага партала саюзных дзяржаў.
Гэтая сустрэча стала цудоўнай магчымасцю для школьнікаў паглыбіцца ў гісторыю роднай культуры, адчуць гонар за выдатных жанчын Беларусі і натхніцца іх жыццёвым прыкладам.

25/03/2026

ПРЭС-РЭЛІЗ
2 красавіка 2026 года ў 15.00 Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва запрашае на мерапрыемства з адкрыццём мастацка-дакументальнай выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ”, – прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння мастака-жывапісца, педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Барыса Аракчэева.
Прызнаны майстар рэалістычнага мастацтва, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Барыс Аракчэеў выяўляе ў сваіх палотнах манументальнасць вобраза, веліч і сілу чалавека. Ім створаны ўнікальныя серыі карцін, прысвечаныя ваеннаму ліхалеццю і працоўным пасляваенным будням. Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, музеях і мастацкіх галерэях краіны, а таксама ў галерэях і прыватных калекцыях Беларусі, Расіі і замежжа.
За амаль трыццаць гадоў педагагічнай працы Барысам Уладзіміравічам падрыхтаваны дзесяткі дыпломнікаў, сярод якіх вядомыя мастакі: У.Кожух, А.Кузьміч, Ф.Янушкевіч, У.Ясюк. Ён выкладаў малюнак, жывапіс і кампазіцыю ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1966-1971), а затым дваццаць пяць гадоў у Беларускай Акадэміі мастацтваў.
На працягу доўгага творчага шляху Барыс Аракчэеў аддаваў усяго сябе творчасці, дзе б ён ні знаходзіўся, актыўна ўдзельнічаў у пленэрах і выставачнай дзейнасці. Яго творчасці ўласцівыя жыццесцвярджальнасць, экспрэсіўная жывапісна-пластычная мова, кампазіцыйная завершанасць.
У экспазіцыі выставы “Горнымі дарогамі. Каўказ” прадстаўлены эцюды мастака, створаныя падчас яго дзвюх паездак на лячэнне ў Дом творчасці мастакоў у Хосце. Яркія і сакавітыя па колеры, яны моцна адрозніваюцца ад беларускіх краявідаў, філасофскіх і лірычных, у якіх неба займае значную частку карціны, перадаючы стан прыроды. Горы і мора, кіпарысы і магноліі – усё гэта новае, незвычайнае для палітры мастака.
Госці юбілейнага мерапрыемства атрымаюць магчымасць пабачыць унікальные творы Барыса Аракчэева, таксама пачуць успаміны дачкі майстра Аксаны Аракчэевай, пазнаеміцца з архіўнымі дакументамі, прадстаўленымі на выставе, якія сведчаць аб вялікім укладзе Б.Аракчэева ў развіццё сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі.

Вул. Кірылы і Мяфодзія, 4 (чытальная зала БДАМЛМ)
Даведкі па тэлефоне: 242 51 88

Photos from Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва's post 25/03/2026

“Скарбніца” БДАМЛМ на # # Мінскай міжнароднай кніжнай выставе – кірмашы
20 сакавіка 2026 года на # # Мінскай міжнароднай кніжнай выставе—кірмашы адбылася прэзентацыя выдання Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей — БДАМЛМ) “Скарбніца нацыянальнай літаратуры i мастацтва”.
Скарбніца, надрукаваная ў 2025 г., прадстаўляе найбольш цікавыя і рэдкія дакументы і музейныя прадметы, што захоўваюцца ў БДАМЛМ. Сярод іх – аўтографы з калекцыі А.К.Ельскага, рукапісны варыянт часопіса “Гоман”, рукапісы, фатаздымкі і прадметы аддзела рукапісаў беларускага музея Івана Луцкевіча ў Вільні, шматлікія візуальныя, эпісталярныя і творчыя крыніцы з фондаў беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, рэжысёраў і актораў.
Першае выданне “Скарбніцы” убачыла свет у 2010 г. і хутка ператварылася ў букіністычны рарытэт. Другое выданне было істотна перапрацавана. У яго былі дададзены дакументы прадстаўнікоў кінамастацтва, нотныя рукапісы, эскізы, пашыраны спіс пісьменнікаў і мастакоў, чые матэрыялы ўзбагачаюць агульнае ўяўленне аб дзеячах беларускай культуры двух мінулых стагоддзяў.
У прэзентацыі прынялі ўдзел аўтары-укладальнікі А.А.Макаранка, Т.В.Кекелева, В.В.Біруля, рэдакцыйная калегія выдання, а таксама спецыяльна запрошаныя госці, спецыялісты па гісторыі архівазнаўства, літаратуры і мастацтва – пісьменнік У.С.Ліпскі, прафесар БДУ М.Ф.Шумейка, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея А.В.Трафімчык.
Падчас свайго выступлення аўтар-укладальнік і дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка адзначыла, што “Скарбніца” адлюстроўвае плённую працу некалькі пакаленняў работнікаў архіва-музея, распавяла пра сучасны стан БДАМЛМ, які адзначыў у 2025 г. сваё 65-годдзе, і запрасіла творчых асоб і даследчыкаў далучацца да шэрагаў яго карыстальнікаў.
Прэзентацыя не засталася па-за ўвагай прэсы. З паведамленнем агенцтва навін БЕЛТА “Кнігу аб фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва прэзентавалі ў Мінску” можна пазнаёміцца па адрасе https://belta.by/society/view/knigu-o-fondah-belorusskogo-gosudarstvennogo-arhiva-muzeja-literatury-i-iskusstva-prezentovali-v-minske-770899-2026/

Want your business to be the top-listed Government Service in Minsk?

Click here to claim your Sponsored Listing.

Location

Telephone

Website

Address


Улица Кирилла и Мефодия, 4
Minsk
220030

Opening Hours

Monday 09:00 - 17:00
Tuesday 09:00 - 17:00
Wednesday 09:00 - 17:00
Thursday 09:00 - 17:00
Friday 09:00 - 16:00